У пачатку
XIX ст. у Расіі была праведзена рэформа асветы. На змену кацярынінскай
“Камісіі аб заснаванні вучылішчаў” прыйшло Міністэрства народнай асветы.
Еўрапейскую частку краіны падзялілі на шэсць вучэбных акруг. Узначальваў
кожную з іх папячыцель, якога прызначаў цар. Беларускія губерні –
Віцебская, Гродзенская, Мінская, Магілеўская – увайшлі ў склад Віленскай
вучэбнай акругі.папячыцелем яе прызначылі аднаго з “маладых сяброў”
Аляксандра 1, буйнога польскага магната Адама Чартарыйскага. Кожная
акруга мела вучэбны і адміністрацыйны цэнтр. Для Беларусі, Літвы і
Правабярэжнай Украіны, якія знаходзіліся ў адной акрузе, такім цэнтрам
быў Віленскі ўніверсітэт.
Новая сістэма
асветы ў Расіі, на думку стваральнікаў рэформы, павінна была
забяспечваць прамысловасць і гандаль адукаванымі людзьмі,
выхоўваць, у першую чаргу з асяроддзя “высакароднага расійскага
дваранства”, кадры вернападданніцкіх чыноўнікаў, і тым самым
садзейнічаць выкараненню перадавых рэвалюцыйных ідэй у
грамадстве. У Віленскай вучэбнай акрузе і ў прыватнасці ў
Беларусі новая сістэма асветы служыла як мэтам умацавання
класавых і палітычных пазіцый царызму пры адначасовым аслабленні
палітычнай ролі польскіх магнатаў і каталіцкай царквы, так і
сродкам прыцягнення апошніх на бок царызму.
Трэба адзначыць,
што асвета таго часу падпарадкоўваласясаслоўнаму прынцыпу:
вышэйшыя і сярэднія навучальныя ўстановыпрызначаліся для дзяцей
шляхты і чыноўнікаў. Прадстаўнікі сацыяльных нізоў у лепшым
выпадку абмяжоўваліся пачатковай адукацыяй. З цягам часу
колькасць вучняў з падатковых саслоўяў расла: на 1847 г. яна
складала 40% усіх навучэнцаў.
Напярэдадні рэформы
ў Беларусі склалася вельмі заблытаная сетка навучальных устаноў,
пазбаўленых адзінага кіраўніцтва, не звязаных паміж сабою
паслядоўнасцю школьных праграм.
У 1773 г. у Рэчы
Паспалітай была праведзена рэформа асветы. Юрыдычнае афармленне
яна атрымала ў Эдукацыйнай камісіі, а затым у выдадзеным гэтай
камісіяй у 1783 г. “Статуце”. Мерапрыемствы Эдукацыйнай камісіі
паклалі пачатак стварэнню новай свецкай сістэмы адукацыі, якая
адпавядала патрабаванням эпохі. Яна за 20 год сваей дзейнасці на
тэрыторыі Беларусі адкрыла 20 школ, 8 з якіх знаходзіліся ў
мястэчках: Вішневе, Паставах, Барунах, Халопенічах, Беразвечы,
Жыровічах, Лужках і Шчучыне (апошнія дзве - піярскія).
Уз’яднанне Беларусі
з Расіяй мела велізарнае прагрэсіўнае значэнне ў жыцці
беларускага народа. Гэта падзея паскорыла эканамічнае развіцце
Беларусі, пазбавіла яе народ ад пагрозы гвалтоўнай асіміляцыі і
акаталічвання, садзейнічала ўмацаванню культурных сувязей паміж
брацкімі народамі, згуртаванню іх рэвалюцыйных сіл.
У канцы 70-х гадоў
XVIII ст. у Беларусі на падставе “Устанаўлення для кіраўніцтва
губерняў Расійскай імперыі” адкрылася на рускай мове звыш 20
невялікіх школ у гарадах Дрысе, Суражы, Віцебску і іншых.Арганізацыя
школ і нагляд за імі былі даручаны толькі што створаным, не
маючым вопыту і сродкаў, прыказам грамадскай апекі, якія часта
адкрыта процідзейнічалі нармальнай рабоце школ: не прадстаўлялі
памяшканняў для заняткаў, не клапаціліся абпадборы настаўнікаў,
аб прыцягненні вучняў у школы. Таму хутка некаторыя школы,
створаныя на падставе “Устанаўлення кіраўніцтва губерняў
Расійскай імперыі”, трапілі ў рукі духавенства. Яно ахвотна
аддавала пад школы памяшканні пры цэрквах і манастырах і
прапаноўвала “дзячкоў” у якасці выкладчыкаў. Выкладанне ў такіх
школах вялося на вельмі нізкім узроўні, таму што дзякі, апрача
навучання “буквару, псалтыру, ды па-руску”, а іншы раз і
“па-польску пісаць”, нічога больш не маглі даць дзецям.
Побач з рускімі
народнымі вучылішчамі і школамі Эдукацыйнай камісіі ў першай
палове XIX ст. значнае месца ў сістэме школьнай адукацыі ў
Беларусі прадаўжалі займаць манастырскія ўніяцкія і каталіцкія
ўстановы. У пачатку XIX ст. на тэрыторыі Беларусі іезуіты,
базіліяне, дамініканцы, кармеліты і манахі іншых каталіцкіх
ордэнаў мелі ў сваім распараджэнні 37 вучылішчаў.
Многія з іх размяшчаліся ў мястэчках. Напрыклад, езуіцкія
вучылішчы знаходзіліся ў Чачэрску, Лазовічах і Расне Магілеўскай
губерні; місіянерскія – у Асвеі Віцебскай, Лыскове Гродзенскай
губерні і іншых.
Найбольш буйнымі
манастырскімі вучылішчамі былі Талачынскае базыльянскае, Ушацкае
і Забельскія дамініканскія. Па вучэбнаму курсу яны стаялі вышэй
за пачатковыя вучылішчы. Талачынскае 5-класнае вучылішча ўзнікла
ў 1790 г. з дазволу беларускага генерал-губернатара графа
Чарнышова па просьбе мясцовага дваранства. У 1804 г. у ім
налічвалася 6 настаўнікаў і 135 вучняў. Візітар вычылішчаў
Віцебскай і Магілеўскай губерняў В.М.Севяргін адзначыў высокі
ўзровень выкладання ў базыльянскім вучылішчы ў Талачыне і
рэкамендаваў яго настаўнікаў Віленскаму ўніверсітэту, як “весьма
прилежных и усердных”.
Вучылішча пакінула ў Севяргінатакое добрае ўражанне, што ен
нават хадайнічаў аб аказанні яму матэрыяльнай дапамогі. У
мястэчку Ушач Віцебскай губерні у 1791 г. было адкрыта 3-класнае
(з 2-х гадовым курсам навучання ў кожным класе) вучылішча. У
1804 г. у ім заўмаліся 98 вучняў, было 4 настаўнікі. Забельскае
дамініканскае вучылішча (Віцебская губернія) было заснавана яшчэ
ў 1716 г., а ў 1803 г. атрымала ступень уезднага, а ў 1809 –
гімназіі. У 1804 г. у ім вучылася 57 чалавек, а ў 1825 г. – 150.
Навучанне працягвалася 6 гадоў.Трэба адзначыць
таксама і базыльянскую школу ў Барунах. У 1780 г. школа стала
свецкай і пераўтварылася ў 6-гадовую школу. Гэта была
навучальная ўстанова закрытага тыпу, дзе спачатку выкладалі
выключна вучоныя манахі, а ў XIX ст. з’яўляюцца і свецкія
выкладчыкі. Навучанне вялося на польскай мове.
У 1803 г. у школе
займалася 150 вучняў, у 1804 г.- 140, у другім дзесяцігоддзі XIX
ст. – каля 200 чалавек моладзі ва ўзросце ад 9 да 18 гадоў,
найперш сыноў шляхты і землеўладальнікаў Ашмянскага павета.
Школа мела 6 класаў і 6 галоўных прафесараў: лаціны, арыфметыкі,
красамоўства, гісторыі, фізікі, матэматыкі. Вывучалі таксама
геаграфію, батаніку, права, нямецкую і французскую мовы,
сельскую гаспадарку. чАста прафесары выбіралі сабе ў дапамогу
найбольш здольных вучняў – аўдытораў, якія павінны былі
напярэдадні заняткаў выслухаць давераных яму калегаў (найбольш –
6 чалавек), паведаміць сваю думку аб іх ведах прафесару. Адказы
ацэньваліся па шасці ўзроўнях у спецыяльным спісе – “эраце”:
“умее”, “сумаваў”, “не умее”. На ўроках прафесары правяралі
справядлівасць такіх адзнак, пытаючы тых ці іншых вучняў. Школа
ў Барунах праіснавала да 1831 г. і замест яе была створана
духоўная школа.
Манастырскія
вучлішчы былі абавязаны сваім існаваннем не толькі традыцыі
(некаторыя з іх узніклі яшчэ ў XVI-XVII ст.), але і маемасці,
што накапілі манастыры. Акрамя таго значную матэрыяльную
падтрымку аказвала каталіцкаму духавенству польскае і рускае
дваранства. Напрыклад, у мястэчку Асвеяна сродкі графа Гільзена
місіянеры ўтрымлівалі мужчынскае (23 вучні) і жаночае (13
вучаніц) прыходскія вучылішчы. Графіня Чарнышова ў Чачэрску
адкрыла на свае сродкі пачатковае вучылішча для сялян і перадала
яго езуітам. У 1803 г.у ім вучыліся 30 хлопцаў. Князь Пацемкін у
1786 г. ахвяраваў ордэну піяраў маентак Азоркава і 15 тысяч
рублеў “на ўтрыманне вучылішча высакароднага юнацтва”.
Цікава адзначыць,
што Кацярына II, будучы ў 1780 г. у Магілеве, загадала даць
архіепіскапу Георгію 2100 рублеў для школьнай справы.ен раздаў
гэтыя грошы гарадскому і местачковаму духавенству. Такім чынам
узніклі школы ў мястэчках Гомель і Чачэрск. Гомельская школа
спачатку рыхтавала дзяцей духавенства для паступлення ў
семінарыю. А потым уладальнік Гомеля граф Румянцаў пажадаў, каб
у ей вучыліся 40 хлопцаў, з іх 22 – дзеці духавенства і 18 –
дзеці сялян. У канцы XVIII – пачатку XIX ст. ст. за кошт
духавенства узніклі пачатковыя школы ў мястэчках Хоцімск,
Студзянец, Дуброўна Магілеўскай губерні і іншыя.
Але, негледзячы на
некаторыя пераўтварэнні, манастырскія вучылішчы прадаўжалі
служыць інтарэсам польскіх і беларускіх памешчыкаў, з’яўляліся
ачагамі распаўсюджвання схаластычных ведаў і рэлігійнага
светапогляду. Многа часу трацілася на вывучэнне
рэлігійна-маральных дысцыплін і лацінскай мовы.
Каталіцкае
духавенства поўнасцю ігнаравала культурныя інтарэсы і
запатрабаванні асноўнай масы беларускага насельніцтва.
Падручнікі, якія набываліся для школ у друкарні Полацкай
езуіцкай калегіі,былі на полькай мове. Выкладанне ў асноўным
вялося на польскай мове. У пансіенах пры гэтых вучылішчах
змяшчаліся толькі дзеці дваран, якія маглі плаціць за свае
ўтрыманне або карысталіся фінансавай падтрымкай паасобных
прадстаўнікоў польскага ці рускага дваранства.
Наяўнасць на
беларускіх землях вялікай колькасці вузкасаслоўных (дваранскіх)
духоўных навучальных устаноў – спецыфічная для гісторыі асветы
Беларусі з’ява.
У некаторых
мястэчках існавалі прыватныя навучальныя ўстановы. Напрыклад,
пансіен высакародных жанчын утрымлівала ў Чачэрску графіня
Чарнышова. У ім у 1803 г. вучылася 22 дзяўчыны. Былі адкрыты
немцам Цымерманам школа ў Шклове, Лінкам і яго жонкай мужчынскі
і жаночы пансіены ў Дуброўне.
Пасля рэформы
асветы, праведзенай у пачатку XIX ст., у Беларусі (2600 тысяч
жыхароў) было 33 сярэднія (гімназіі) і непоўныя сярэднія
(уездныя) вучылішчы, каля 130 прыходскіх вучылішчаў. На кожныя
76 тысяч жыхароў прыходзіліся 1 уезднае вучылішча ці гімназія, і
на 20 тысяч – 1 прыходскае вучылішча. Такім чынам, сетка
навучальных устаноў была рэдкай. Карціна местачковых вучылішчаў
выглядала наступным чынам: з усей колькасці прыходскіх
вучылішчаў (130) у мястэчках размяшчаліся 72; у беларускіх
уездах Віленскай губерні – 4, у Гродзенскай – 35, Мінскай – 23,
у беларускіх уездах Віцебскай – 2, Магілеўскай – 8. Колькасць
настаўнікаў у местачковых прыходскіх вучылішчах склала 76,
вучняў – 929 (838 хлопцаў і 91 дзяўчына).
Адкрываліся таксама
і пачатковыя школы. Яны адкрываліся ў мястэчках, якія былі
цэнтрамі маенткаў. Арганізацыя памешчыкамі пачатковых школ у
сваіх вотчынах для навучання дзяцей прыгонных сялян – з’ява
даволі распаўсюджаная ў Расіі ў пачатку XIX ст. Графіня
Чарнышова ўтрымлівала за свой кошт пачатковую школу “для бедных
сялянскіх дзяцей” у мястэчку Чачэрск. У 1804 г. там вучылася 35
чалавек. У 1784 г. у Гомелі была заснавана пачатковая школа,
якая належыла графу Румянцаву, у 1804 г. у ей было 18 вучняў. У
1786 г. Чарнышовай у Чачэрску было адкрыта другое пачатковае
вучылішча для “шляхецкіх дзяцей”. У 1804 г. у ім вучылася 30
чалавек. Вучылішча ў Косаве было на ўтрыманні Сапегі, у
Дзевятовічах – Слізня. У 1811 г. Адам Храптовіч заснаваў школу
ў мястэчку Злягневічы Навагрудскага ўезду. У першы год тут
вучылася каля 50 дзяцей.
Цяжкія выпрабаванні
выпалі на долю местачковых школ у 1812 г. Школьныя будынкі
ператвараліся захопнікамі ў казармы, лазарэты, турмы або зусім
разбураліся. У Відзях, напрыклад, школьныя памяшканні разабралі
на хлебныя печы. Беразвецкае вучылішча было занята французамі
пад лазарэт, “бібліятэка значна пашкоджана, матэматычныя і
фізічныя прылады зусім раскрыдзены”. Асабліва заняпала
пачатковая школа. У канцы 1813 г. папячыцель акругі Адам
Чартарыйскі вымушаны быў напісаць дакладную запіску Алексадру I
аб “поўным растройстве Віленскага ўніверсітэта і іншых
навучальных устаноў” гэтай акругі.
У другім
дзесяцігоддзі XIX ст. у Беларусі пачаў распаўсюджвацца метад
узаемнага навучання ў пачатковай школе. Упершыню яго выкарысталі
ў мястэчку Столін у вучылішчы, якое адкрыў магнат Пацей у 1816
г. К канцу першай чвэрці XIX ст. у Беларусі налічвалася 13 школ
узаемнага навучання, з іх 5 былі ў мястэчках: Гомелі, Стаўбцах,
Воўпе, Шарашове, Століне. Школы ўзаемнага навучання мелі рад
станоўчых бакоў. Перш за ўсе гэта былі найбольш буйныя па
колькасці навучэнцаў пачатковыя школы. Па-другое, у той час
гэтыя школы былі адзінымі ў Беларусі, дзе сялянскія дзеці побач
з элементарнымі ведамі набывалі і некаторыя навыкі вытворчай,
рамесніцкай працы. Асаблівасцю Столінскай пачатковай школы было
тое, што яна рыхтавала сялянскіх дзяцейда настаўніцкай працы ў
весках маентка Пацея.
Карціна местачковых
навучальных устаноў у 1818 г. выглядала наступным чынам. У 2 – х
гімназіях і 13 уездных вучылішчах налічывалася 171 настаўнік і
2219 вучняў. Жыровіцкае вучылішча пераведзена на вучэбны план
уезднага, а Забельскае з 19 верасня 1814 г. атрымала статус
гімназіі. 1 верасня 1809 г. адкрылася ўезднае вучылішча ў
мястэчку Ляды Ігуменскага ўезда. У верасні 1811 г. Бабруйскае
ўезднае вучылішча было пераведзена ў мястэчка Маладзечна, а 1
верасня 1817 г. Барасаўскае – у мястэчка Халопенічы.
У 69 прыходскіх
вучылішчах, што былі ў мястэчках Беларусі, у 1818 г. вучыліся
940 дзяцей (854 хлопчыні і 86 дзяўчынак). У сярэднім на адно
вучылішча прыходзілася 13-14 вучняў. Найбольш буйнымі па
колькасці навучэнцаў былі пачатковыя вучылішчы ў мястэчку Столін
(70 вучняў: 55 хлопцаў і 15 дзяўчынак), у мястэчку Крошыне (60:
42 хлопчыкі і 18 дзяўчынак), Гомелі (55 хлопчыкаў), Асвеі (47
хлопчыкаў), Мілейчыцах (52 хлопчыкі і 6 дзяўчынак), Копылі (20
хлопчыкаў і 3 дзяўчынкі), Бутславе (23 хлопчыкі).
Дзейнасць
прыходскіх школ рэгламентавалася з 1804 г. “Статутам для
прыходскіх вучылішчаў у губернях Валынскай, Кіеўскай і
Падольскай”, распаўсюджаным і на тэрыторыю Віленскай навучальнай
акругі. Згодна з ім школы адкрываліся на сродкі сялян у
дзяржаўных маентках, памешчыка – у прыватнаўласніцкіх і мяшчан -
у мястэчках і гарадах. Адкрыцце іх маглі фінансаваць таксама
святары. Прыходскія вучылішчы не маючы, такім чынам, скарбавага
фінансавання, за рэдкім выключэннем, знаходзіліся ў занядбалым
стане. Напярэдадні рэформы 1804 г. на тэрыторыі Віленскай
навучальнай акругі знаходзілася 245 прыходскіх школ, з іх 224 –
у Віленскай, Гродзенскай, Магілеўскай, Мінскай і Віцебскай
губерніях.
У канцы першай
чвэрці XIX ст. на тэрыторыі Беларусі існавала 12 свецкіх
вучылішчаў, у тым ліку 4 местачковыя: пры Свіслацкай гімназіі,
Маладзечынскае, Халопеніцкае, Касцюковіцкае. Стракатай была
карціна манастырскіх вучылішчаў – усяго іх налічвалася 23, у
мястэчках было 11: гімназіі ў Жыровічах, Валынцах, уезднае
вучылішча ў Шчучыне, Лыскове, Лужках, Лядах, Беразвечы,
Любешаве, Талачыне, Барунах, Ушачы.
Значныя змены ў
сістэме адукацыі краю выклікала паўстанне 1830-31 г. Пасяля
ліквідацыі Віленскага ўніверсітэта і яго вучэбнай акругі (1832
г.) навучальныя ўстановы Віленскай, Гродзенскай, Мінскай
губерніяў увайшлі ў склад Беларускай вучэбнай акругі (да 1850
г.). Пачалася рэформа навучальных устаноў згодна ўставу 1828 г.,
які даволі рэзка праводзіў саслоўны прынцып у адукацыі.
Ліквідавалася пераемнасць вучэбных планаў прыходскага і уезднага
вучылішчаў і гімназій. Кожны тып навучальных устаноў быў
пераўтвораны ў самастойнае цэлае, пры гэтым кожны закончаны круг
навучання прызначаўся для зусім пэўных сацыяльных груп
насельніцтва. З вучэбных планаў былі зняты амаль усе
прыродазнаўчыя і палітычныя дысцыпліны.
У пачатку 30-х г.
XIX ст. былі ліквідаваны манастырскія кататліцкія вучылішчы.
Напрыклад, 6 лістапада 1831 г. было зачынена вучылішча базыліян
у Барунах, у яго будынку была размешчана малая ўездная семінарыя
для 20-ці сыноў уніяцкага духавенства. 1 мая 1832 г.
закрыліпіярскае вучылішча ў Лужках. За ўдзел манахаў у паўстанні
былі зачынены уездныя вучылішчы базыльян у Жыровічах і піяраў у
Шчучыне.
Ліквідацыя
манастырскіх каталіцкіх вучылішчаў і стала значным аслабленнем
ўплыву каталіцкага духавенства на выхаванне юнацтва. У другой
чвэрці XIX ст. свецкія школы сталі пануючымі. Гэты працэс
захапіў і мястэчкі. Архіўныя крыніцы сведчаць, што “вслед
за закрытием бывшего пиарского духовного училища в местечке
Щучин положено открыть двухкласное училище по методу Ланкастера”.
Найбольш інтэнсіўнае заснаванне ланкастарскіх школ ішло ў
1820-1821 г. калі ўлады актыўна гэта падтрымлівалі. Найбольшае
распаўсюджанне атрымалі ланкастарскія школы на Гарадзеншчыне.
Але актыўная дзейнасць прыхільнікаў гэтых школ хутка сутыкнулася
з амаль непераадольнымі цяжкасцямі. Школы павінны былі
ўтрымлівацца за кошт грамадскіх грошаў. Найлепей былі ўладкаваны
ланкастарскія школы у маентку Храптовіча ў Шчорсах і Румянцава ў
Гомелі. Але такія школы праіснавалі не доўга. Ужо ў
1825 г. школы ўзаемнага навучання былі забаронены.
Шмат пачатковых
школ было арганізавана ў мястэчках пры праваслаўных цэрквах на
працягу 30-40х. г. XIX ст. Так, пры местачковых цэрквах
Магілеўскай епархіі з 1837 г. па 1849г. было створана 35
вучылішчаў.
У 1840 г. у
мястэчку Горкі Ашмянскага ўезда Магілеўскай губерні адкрылася
першая не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі земляробчая школа,
пераўтвораная ў 1848 г. у Горы-Горыцкі земляробчы інстытут. У
1844 г.пры земляробчай школе адкрылася вучылішча (1847 г. – 50
чалавек). Там рыхтавалі аграномаў і кіраўнікоў для маенткаў.
Праіснавала гэта першая ў гісторыі Беларусі спецыяльная ВНУ
толькі да паўстання 1863 г. За ўдзел у паўстанні студэнтаў
інстытут перавялі ў 1864 г. у Пецярбург.
У 1830 г. у Менску
і іншых губернскіх гарадахі мястэчках Беларусі пачалі стварацца
першыя публічныя бібліятэкі, кнігі для іх выпісваліся з
Пецярбурга і Масквы. Важнымі цэнтрамі распаўсюджання культуры
былі і гімназічныя бібліятэкі. Фонды бібліятэк павялічваліся,
але рост іх часам не паспяваў за патрабаваннямі некаторых
чытачоў. На Беларусь паступалі кнігі і перыядычныя выданні з
Масквы, Варшавы, Вільні, Пецярбурга. Колькасць кнігадрукарань ў
першай палове XIX ст. вагалася ад 36 у 1801-1802гг. да 21 у 1833
–1860гг.
Такім чынам, у
пачатку XIX ст. асвета была развіта адносна добра. Мястэчкі
займалі значнае месца ў сістэме адукацыі Беларусі. У мястэчках
былі прадстаўлены ўсе тыпы навучальных устаноў, якія існавалі ў
Беларусі на працягу разглядаемага перыяду. Некаторыя мястэчкі,
такія як Свіслач, Шчучын, Жыровічы, Лыскаў, Ушач, Галачын, Ляды,
Халопенічы блі буйнымі адукацыйнымі цэнтрамі.