Адной
з цікавых, але да канца не раскрытых старонак мінулага Гродзеншчыны
з’яўляецца рост яе кніжных збораў, навуковых і мастацкіх калекцый,
архіваў. У віхры падзей на працягустагоддзяў шмат што згубілася або
згінула. Часам тое, што захавалася, знаходзілася далека ад нашай краіны,
за мяжою, і аб сваіх багаццях, якімі б належала б ганарыца, мы ведаем
даволі мала. Часткай нашай багатай духоўнай спадчыны з’яўляюцца
царкоўныя, манастырскія, прыватныя бібліятэкі і сямейныя архівы
Гродзеншчыны.
Царкоўныя і манастырскія бібліятэкі, размешчаныя ў
мястэчках захоўвалі на працягу стагоддзяў багатыя рукапісныя і
кніжныя фонды, у тым ліку і выдатныя помнікі пісьменства і
культуры беларускага народа.
Асноўны масіў кніг
захоўваўся ў бібліятэках манастырскіх (кляштарных). Адной з
цэтральных бібліятэк ордэна базыльян была бібліятэка Жыровіцкага
манастыра. Яна налічвала некалькі тысяч кніг, а таксама нот,
карт.
У 1895 г. многія кнігі былі пераведзены ў Вільню ў
Троіцкі манастыр, яшчэ частка кніг і рукапісаў – у Віленскую
публічную бібліятэку. Сярод перададзеных рукапісаў былі
“Апостал”(XV ст), “Евангелле напрастольнае” (XV ст.), “Пацярык
Пячорскі з дадаткамі” (XVI ст.), беларускі “Хранограф” складзены
з рукапісаў 16-XVII ст. ст., “Зборнік навучанняў” (XVII ст.) і
г.д. Трэцяя частка кніг трапіла ў бібліятэку духоўнага вучылішча
ў Жыровічах.
Невялікія бібліятэкі
былі практычна ва ўсіх базыльянскіх манастырах: у Талачыне (1820
г. – 572 кнігі), Барунах (1804 г.- 285 кніг), Міры (1822/24 – 34
тамы), Лядах, Антопалі, Беразвеччы і інш.
Бібліятэка піярскага кляштара ў Шчучыне налічвала больш
за 2000 кніг, пераважна прыродазнаўчых, медыцынскіх,
матэматычных. Былі тут творы Гамера, Гарацыя, Плутарха, Ціта
Лівія, Вальтэра, Мантэск’е.
Піярскія бібліятэкі
існавалі таксама ў Лужках, Драгічыне. Вялікія кнігазборы мелі
кляштары кармелітаў у Глыбокім, дамініканаў у Валынцах і Шклове.
Поўнай статыстыкі прыватных бібліятэк не існуе. Таму
данныя аб іх вельмі фрагментарныя. Культурныя каштоўнасці
захоўваліся практычна ў кожнага больш менш значнага абшарніка.
Музейныя калекцыі, сямейныя архівы, карцінныя галерэі і
бібліятэкі мелі каля 400 маенткаў. З іх 54 знаходзіліся ў
мястэчках і толькі 4 у гарадах.
Некаторыя кніжныя
калекцыі і сямейныя архівы збіраліся на працягу стагоддзяў і
ўключалі ў сябе дакумент некалькіх радоў, папаўняліся і
перадаваліся з пакалення ў пакаленне, захоўваліся ў спадчынных
маентках побач з іншымі сямейнымі рэліквіямі ў спецыяльна
прызначаных памяшканнях, апякаліся і захоўваліся з вялікай
пашанай і любоўю. Так, у Вялікай Бераставіцы “старая” бібліятэка
Касакоўскіх налічвала 3000 тамоў кніг на лацінскай, польскай,
французскай, рускай, нямецкай мовах пераважна па гісторыі,
праву, геральдыцы, філасофіі. Даволі багаты сямейны архіў
размяшчаўся ў спецыяльным памяшканні. Ен складаўся з дакументаў,
якія краналі часы гетмана Хадкевіча. Тут знаходзіўся развітальны
ліст Напалеона да генерала Юзафа Касакоўскага. Гэтыя багацці
перажылі першую сусветную вайну. У міжваенны час бібліятэка
папоўнілася яшчэ 1500 тамамі. Некаторыя дакументы з архіву былі
перададзены Гродзенскаму музею. Але большая частка кніг,
архіўных збораў і калекцыі мастацкіх твораў былі разрабаваны і
спалены разам з палацам на пачатку другой сусветнай вайны.
У Шчучыне захоўваліся багатая бібліятэка і сямейны
архіў Друцкіх-Любецкіх, прывезены з радавых маенткаў з Піншчыны.
Найбольш каштоўная частка архіву складалася з дакументаў
эканамічна-гаспадарчага характару (з 1537 па 1846 г.). Былі тут
таксама матэрыялы палітычнага зместу. Іх на пачатку XIX ст.
перадалі ў Кракаў у музей Чартарыскіх. А тое, што разам з
кнігазборам захоўвалася на месцы, у Шчучыне, было знішчана ў
першую сусветную вайну.
З сярэдзіны XIX ст.
захоўваліся ў Скідалі архіў і бібліятэка князеў Чацвярцінскіх.
Архіў налічваў каля 8000 спраў, уключаючы перапіску, сямейныя
паперы, судовыя справы і г.д. У 1915 г. усе гэта было часткова
знішчана ў час пажару Скідаля, а часткова разрабавана.
У маентку свіслач, які
належаў Тышкевічам, у 30-я гады XIX ст.было знойдзена шмат
фамільных папераў і дакументаў XVII – пачатку XIX ст. Салагубаў,
Патоцкіх. Гэта былі маемасныя дакументы (прывілей Станіслава
Аўгуста на староства Эйшышскае, інвентары фальваркаў, кантракты,
інвентары мястэчка Свіслач), сямейныя дакументы (метрычныя
выпіскі) і г.д. Гэтая частка сямейнага архіву пасля канфіскацыі
трапіла ў архіў Гродзенскай палаты дзяржмаемасці.
У маентку Азеры ў памешчыка Валіцкага было 2820 кніг, а
таксама старажытныя рукапісы, прывілеі. Але пасля канфіскацыі,
гэты багаты скарб быў перададзены Віленскай публічнай
бібліятэцы.
У палацы мястэчка Рось знаходзіліся збор партрэтаў роду
Патоцкіх, багаты гістарычны архіў і бібліятэка. Архіўная крыніца
1836 г. сведчыць, што пасля смерці Фелікса Патоцкага засталося
1324 кнігі, з іх на польскай мове 378, французскай – 302,
італьянскай – 93, англійскай – 28, лацінскай – 382, нямецкай –
141.
Сярод бібліятэчных
збораў вылучаецца бібліятэка Свіслацкай гімназіі. Грошы на яе
заснаванне і далейшае пашырэнне даў Вінцэнцій Тышкевіч,
уладальнік Свіслачы. У гэтай бібліятэцы аснову кнігазбора
складала навучальная літаратура.
У 1808 г. у бібліятэцы
было 889 кніг, 550 з якіх ахвяраваў Тышкевіч. У 1826 г. у
вучэбнай бібліятэцы было ўжо 2030 тамоў. У 1835 г. бібліятэка
налічвала 2931 кнігу, 8 тамоў перыядычных сачыненняў.
Самымі вялікімі прыватнымі бібліятэкамі ў мястэчках
былі бібліятэкі Сапегаў у Ружанах і Дзярэчыне. Пачатак
кнігазбору дала ружанская бібліятэка. Есць звесткі, што князь
Александр Сапега 12 верасня 1784 г. прымаў у Ружанах караля
Станіслава Аўгуста, які “с
любопытством рассматривал богатую библиотеку, в которой было
много библиографических редкостей, а также фамильный Сапежинский
архив”.
У 1786 г. ружанская бібліятэка была перанесена ў
Дзярэчын. Па звестках Цыбулі В.А. у дзярэчынскім архіве было 232
назвы рукапісаў і кніг XV – XVII ст. Шмат якія кнігі мелі
гравюры-ілюстрацыі. Калі разглядаць іх паслядоўна, можна
падрабязна пазнаеміцца з развіццем еўрапейскай гравюры на
вялікім прамежку часу, знайсці яскравыя ўзоры работ вядомых
майстроў. Адчуваецца, як адзначае М. Нікалаеў, бібліяфільскае
стаўленне да кнігазбору: шматлікія экслібрысы, спецыяльныя і
рэдкія выданні, для большасці кніг – уніфікаваны пераплет з
залатым цісненнем.
Ігар Трусаў дае звесткі, што кляштарная бібліятэка ў
Дзярэчыне налічвала 1143 тамы, а бібліятэка ў Шчучыне – 2751
том.
У 1831 г. большую частку дзярэчынскай бібліятэкі і
архіва Сапегаў перадалі ў імператарскую публічную бібліятэку ў
Пецярбургу. Гарадзенскі чыноўнік пісаў у Дэпартамент
дзяржмаемасці: “Из
доставленных из Деречино в Гродно 2451 книг отправлено к
министру императорского двора только 2151, а остальные 294, яко
требующие переводчика и совершенно малозначащие, писаные по
большой части на польском языке, и по несколько десяток
экземпляров одного издания, оставлены здесь впредь до особого
распоряжения”.
У 1838 г. былі перапраўлены і астатнія кнігі.
Такім чынам, сямейныя
фонды, прыватныя, царкоўныя, манастырскія бібліятэкі
прадстаўляюць сабою цікавую і каштоўную крыніцу ведаў аб
мінулым. Для бібліятэкі адводзілі спецыяльныя памяшканні.
Колькасць кніг вагалася ад некалькіх соцен да некалькіх тысяч.
Але часта лес бібліятэк быў сумны. У выніку войн і разбурэнняў,
пажараў загінула шмат каштоўных дакументаў, кніг, рукапісаў.