Адукацыя Гродзенскай губерні

 

        Мястэчкі былі шырока распаўсюджаным на Беларусі тыпам пасяленняў. Яны адыгрывалі значную ролю ў сацыяльна-эканамічным і культурным развіцці краю. Адукацыйна-асветніцкую значнасць мястэчак з пэўнай дакладнасцю могуць характарызаваць узровень адукацыі, колькасць і тыпы размешчаных тут навуальных устаноў, бібліятэк, прыватных збораў. У гэтых адносінах мястэчкі Гродзенскай губерні  пераўзыходзілі такія паселішчы Мінскай, Магілеўскай і Віцебскай губерняў.

На тэрыторыі Гродзенскай губерні (Брэсцкі, Ваўкавскі, Гродзенскі, Кобрынскі, Лідскі, Навагрудскі, Пружанскі, Слонімскі паветы )  налічвалася больш за 80 мястэчак(па дадзеных на 1807-1887 г. ).

Мястэчкі Свіслач, Шчучын, Жыровічы, Лыскава ў першай трэці XIX ст. выступалі даволі буйнымі адукацыйна-асветніцкімі цэнтрамі і ў гэтых адносінах ішлі наперадзе некаторых уездных гарадоў. Тут знаходзіліся сярэднія навучальныя ўстановы.

Жыровічы зяўляліся буйнейшым базыльянскім асяродкам на Беларусі. Тут яшчэ ў 1631 г. базыльяне заснавалі школу, якая атрымала прывілей караля Аўгуста II ад 11 жніўня 1710 г. З гэтага часу ў мястэчку дзейнічалі ніжэйшая і філасофская базыльянскія школы, пераўтвораныя Адукацыйнай камісіяй у падакруговыя вучылішчы. У 1804 г. яно было рэрганізавана ў гімназію, але пазней у справаздачах фігуруе як уезднае вучылішча (1817 г. – 6 класаў, 310 вучняў). У 1828 г.па ініцыятыве І. Сямашкі на іх аснове ў Жыровічах заснавана ўніяцкая Літоўская духоўная семінарыя, якая пасля скасавання ўніі стала праваслаўнай. У 1845 г. яна пераведзена ў Вільна, а ў Жыровічах было створана духоўнае вучылішча (1858 г. – 130 чалавек).

Мястэчка Шчучын у працы М. Балінскага і Т. Ліпінскага “Старажытная Польшча” вызначаецца як “значны цэнтр асветы і дабрачыннасці ў краі”, росквіт якіх быў звязаны з дзейнасцю тут калегіума піяраў – аднаго з найбольш значных у Беларусі. Ен быў заснаваны ў 1726 г. Высокі ўзровень падрыхтоўкі гарантаваўся шырокай праграмай, падборам моцных выкладчыцкіх кадраў, багатым кніжным фондам: бібліятэка піяраў пачатку XIX ст. налічвала 2751 кнігу. Акрамя таго, выкладчыкі і студэнты маглі карыстацца вялікай бібліятэкай Сцыпіенаў, а потым – Друцкіх-Любецкіх. У 1776 г. Адукацыйная камісія адчыніла ў Шчучыне падакруговае вучылішча, якое таксама належала піярам і было 3-класным. Пазней яно атрымала статус уезднага, было спачатку 4-класным, затым 6-класным (1817 г. – 175 вучняў).

Са шчучынскімі піярскімі навучальнымі ўстановамі звязаны імены такіх вядомых навукоўцаў XVIII-XIX ст. ст. як гісторык-археограф Мацей Даўгель, філосаф Казімір Нарбут, філосаф, логік і псіхолаг Анел Доўгірд, біелаг Станіслаў Баніфацый Юндзіл, геолаг, мінералаг, даследчык Чылі, удзельнік вызваленчага руху на Беларусі Ігнат Дамейка.

У Лыскаве ў 1751 г. была заснавана школа каталіцкага закону місіянераў. У 1797 г. яна была пераўтворана ва ўезднае 6-класнае вучылішча. Гэта было адзінае на Беларусі вучылішча, якое ўтрымліваў гэты каталіцкі закон. Доўгі час наглядчыкам Лыскоўскага вучылішча  быў памешчык Біспінг, які падтрымліваў вучылішча грашовымі субсідыямі. Але фінансаванне было слабым. Не хапала грошай на набыцце падручнікаў. Калі згодна з распачатай зменай навучальнай літаратуры лыскаўскія місіянеры змаглі набыць толькі 75 кніг на суму 10 руб. 68 кап., то ў Жыровічах – 322 кнігі на 48 руб. 58 кап. У 1835 г. Лыскаўскае вучылішча апошні раз узгадваецца ў справаздачах.

Буйнейшай авучальнай установай на Гродзеншчыне ў разглядаемы перыяд была Свіслацкая гімназія. Граф Вінцэнцій Тышкевіч аказаў вялікую матэрыяльную дапамогу і падтрымку ў стварэннігімназіі, якая была адчынена ў 1805 г. і атрымала афіцыйнае названне Гродзенскай губернскай гімназіі. Першым яе дырэктарам стаў Яцэк Крусінскі. Шмат настаўнікаў падбіралася з лепшых выпускнікоў Віленскага і Варшаўскага ўніверсітэтаў. Магчымасць забяспечыць гімназію падручнікамі, стварыць лабараторыі і іншым чынам уладкаваць навучальны працэс далі грошы графа тышкевіча, які ў 1816 г. згодна з тэстаментам перадаў на гімназічны фундуш 20 тысяч рублеў серабром. У 1808 г. у ей налічвалася 889 кніг, 550 з якіх ахвяраваў Тышкевіч. У 1826 г. у вучэбнай бібліятэцы было ўжо 2030 тамоў, а ў 1835 г. – 2931 кніга і 8 тамоў перыядычных сачыненняў. Мястэчка Свіслач стала адным з галоўных адукацыйна-асветніцкіх цэнтраў Гродзеншчыны. У 1851 г. гімназія была зачынена і пераведзена ў Шаўлі.

Такім чынам, мястэчкі Гродзеншчыны займалі значнае месца ў сістэме сярэдняй адукацыі. У 1817 г. з 8 уездных вучылішчаў Гродзенскай губерні 3 мясціліся ў мястэчках (Жыровічы, Лыскава, Шчучын) і 5 – у гарадах (Гродна, Брэст, Слонім, Ліда, Навагрудак). Адзіная на той час свецкая сярэдняя навучальная ўстанова – Свіслацкая гімназія. Ва ўсіх гэтых вучэльнях налічвалася 1609 навучэнцаў, з іх у мястэчках – 825, у гарадах – 784.

Мястэчкі былі цэнтрамі пачатковай адукацыі. Тут існавалі прыходскія вучылішчы – ніжэйшыя пачатковыя навучальныя ўстановы ў межах царкоўных праваслаўных прыходаў або каталіцкіх парафій.

У 1804 г. на Беларусі было каля 150 прыходскіх вучылішчаў. На тэрыторыі Гродзенскай губерні іх налічвалася 58, з іх у мястэчках – 36,  у гарадах і весках – 22. На ўсе прыходскія вучылішчы прыходзілася 58 настаўнікаў, 516 вучняў, на местачковыя – 37 і 399 адпаведна. У мястэчках мясцілася 62 % пачатковых школ і 65 % іх навучэнцаў. У 1818 г. у мястэчках Гродзенскай губерні існавала 39 прыходскіх вучылішчаў.

Па звестках П. Баброўскага у 1833 г. у Гродзенскай дырэкцыі вучылішчаў знаходзілася 29 устаноў: 1 гімназія, 5 сярэдніх вучэльняў, 23 пачатковыя школы.

У другім дзесяцігоддзі XIX ст. у Беларусі пачаў распаўсюджвацца метад узаемнага навучання ў пачатковых вучылішчах. З’явіліся ланкастэрскія школы і на Гродзеншчыне. У 1820 г. такая школа была адчынена ў Гродна. У 1822 г. – у Лідзе, Слоніме. Прыватныя школы ўзаемнага навучання існавалі ў маентку Шчорсы (заснавана ў 1820 г. А. Храптовічам, у 1822 г. колькасць вучняўу ім дасягнула 350).

Атрымала развіцце ў мястэчках Гродзенскай губерні і прыватная жаночая адукацыя. Жаночыя пансіены існавалі ў Антопалі (І. Філса Жана, у 1818 г. – 12 вучаніц), Крывошыне (Георгія Германа, у 1830 г. – 16 вучаніц), Свіслач (Арлоўскай, у 1830 г. – 17 вучаніц).

З 1843 г. у Гродзенскай губерніствараліся школы для дзяржаўных сялян: сельска-прыходскія вучылішчы  ведамства Міністэрства дзяржаўнай маемасці. У 1845 г.  было адчынена 25 такіх сельска-прыходскіх вучылішчы і ў іх налічвалася 717 навучэнцаў.

Уяўленне аб узроўні адукацыі будзе няпоўным без уліку яўрэйскіх рэлігійных школ-хедэраў. Інфармацыя, якая захаваласяаб колькасці яўрэйскіх навучальных устаноў не можа лічыцца поўнай. Настаўнікі імкнуліся пазбегнуць падаткаў і заводзілі тайныя школы. Так, у 1869 г. у 8 мястэчках Гродзенскага павета паказаны 49 меламедаў і 346 вучняў. На самой справе гэтыя лічбы павінны быць большымі, бо па традыцыі ўсе без выключэння яўрэйскія хлопчыкі з 4 да 13 гадоў вучыліся ў хедэрах. Па звестках П. Баброўскага у 1846 г. аказалася бесмедрашаў і клауз – 152, ешыботаў – 9, хедэраў другаразрадных – 339, першаразрадных –255, меламедаў – 900, вучняў – 6662. Афіцыйныя крыніцы ў той час лічылі ў губерні 102 396 яўрэяў: 1 настаўнік прыходзіўся на 114 чалавек, 1 вучань на 15 чалавек (ці 6,5 %).

 Дзейнасць яўрэцскіх навучальных устаноўнемагчыма ацаніць адназначна. З аднаго боку, ян ўносілі ў яўрэйскае асяроддзе пісьменнасць, прывівалі любоў да рэлігійных і нацыянальных традыцый, а з другога – нельга не заўважыць аднабаковасць гэтай асветы (адсутнасць свецкіх прадметаў) і невысокі ўзровень адукацыі настаўнікаў. Урокі давалі людзі, меўшыя “хатнюю адукацыю”, былыя навучэнцы гімназій ці дзяржаўных вучылішчаў – рэдкасць. У 1851 г. ваўкавыскі земскі спраўнік рапартаваў губернатару, што рабіны Лыскаўскага, Поразаўскага, Новадворскага і Лапеніцкага грамадстваў падпісаліся ў тым,што яны “не асмельваюцца выдаваць яўрэям пасведчанні аб іх здольнасці займаць пасады настаўнікаў у яўрэйскіх казенных вучылішчах”.

У 40-х гг.XIX ст. царскі ўрад прыступіў да рэформы канфесійнага яўрэйскага выхавання. З 1847 г. адкрываюцца дзяржаўныя яўрэйскія вучылішчы. У 1857 г. на тэрыторыі Гродзенскай губерні дзейнічалі 5 казенных яўрэйскіх вучылішчаў (105 вучняў), усе яны мясціліся ў гарадах.

         Такім чынам, мястэчкі былі важнейшым сродкам пачатковай адукацыі, у тым ліку і яўрэйскай.

         Роля мястэчак, як асветніцкіх цэнтраў, не абмяжоўвалася толькі наяўнасцю ў іх навучальных устаноў. У мястэчках размяшчаліся вучылішчныя, царкоўныя, манастырскія, прыватныя бібліятэкі.

Царкоўныя і манастырскія бібліятэкі захоўвалі на працягу стагоддзяў багатыя рукапісныя і кніжныя фонды. Так, у царкве ў Шарашове захоўваўся беларускі рукапісны помнік сярэдзіны XV-XVI ст.ст. – Шарашоўскае евангелле.

Адной з цэнтральных бібліятэк ордэна базыльян была бібліятэка Жыровіцкага манастыра. Яна налічвала некалькі тысяч кніг. Тут захоўваліся такія рэдкія і каштоўныя рукапісы, як “Апостал” (XV ст.), “Жыровіцкае евангелле” (XV ст.), “Пацярык Пячорскі з дадаткамі” (XVI ст.), беларускія “Хранограф” (складзены з рукапісаў XVI-XVII ст.), “Зборнік павучанняў” (XVII ст.)

Невялікія бібліятэкі былі практычна ва ўсіх базыльянскіх манастырах, у тым ліку і размешчаных у мястэчках Гродзенскай губерні: Быцені, Міры, Антопалі, Ружанах.

Бібліятэка піярскага кляштара ў Шчучыне налічвала больш за 2000 кніг, пераважна прыродазнаўчых. Медыцынскіх, матэматычных. Былі тут творы Гамера, Гарацыя, Плутарха, Ціта Лівія, Вальтэра, Мантэск’е.

Самымі вялікімі прыватнымі бібліятэкамі ў мястэчках Гродзеншчыны былі бібліятэкі магнатаў Сапегаў у Пружанах і Дзярэчыне. Пачатак кнігазбору дала ружанская бібліятэка. Па звестках А. Кіркора, князь Аляксандр Сапега 12 верасня 1784 г. прымаў у Ружанскім палацы караля Станіслава Аўгуста, які “с  любопытством рассматривал богатую библиотеку, в которой было много библиографических редкостей, а также фамильный Сапежинский архив”. У 1786 г. ружанская бібліятэка была перанесена ў Дзярэчын. Есць звесткі, што ў дзярэчынскім архіве было 232 назвы рукапісаў і кніг XV-XVI ст.

У палацы мястэчка Рось знаходзіліся збор партрэтаў роду Патоцкіх, багаты гістарычны архіў і бібліятэка. Архіўны дакумент 1836 г. сведчыць, што пасля смерці Ф. Патоцкага засталося 1324 кнігі, з іх на польскай мове 378, французскай - 302, італьянскай – 93, англійскай –28,  лацінскай – 382, нямецкай -  141.

 

 Сайт оптимизирован 800*600 ® Ссылка при перепечатке обязательна

проект Гецевича Андрея 2006 г., апрель, 21 число.

 
 
 
 
 

На главную
Агульная характарыстыка стану асветы Беларусі 
   
Адукацыя Гродзенскай губерні   
Пачатковая адукацыя
Сярэдняя адукацыя
Яўрэйская адукацыя
Бібліятэкі
Л
ітаратура
Аб праекце
Форум

 

 

 

 

 

одеяла
Hosted by uCoz